Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі, яго таксама пазбавілі на пяць гадоў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
«Згодна з артыкулам 9 закону Рэспублікі Беларусь „Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне“ абвінавачаны вызвалены ад асноўнага пакараньня часткова — на адзін год», — паведаміў дзяржаўны абвінаваўца ў справе Дзьмітры Марусаў.
Паводле яго, сканфіскаваныя ў Дулуба больш за 2,8 мільёнаў даляраў і прыблізна 300 тысяч эўра перададзеныя ў даход дзяржавы, у тым ліку ў якасьці аплаты даходу, атрыманага злачынным шляхам.
«Маёмасьць абвінавачанага суд пакінуў пад арыштам у рахунак забесьпячэньня выкананьня выраку ў частцы маёмасных спагнаньняў», — дадаў пракурор.
Пятра Дулуба асудзілі паводле ч. 2 і ч. 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі — атрыманьне хабару ад прадстаўнікоў камэрцыйных арганізацый.
Паводле сьледзтва, ён атрымаў больш за 600 тысяч даляраў ад прадстаўнікоў чатырох транспартна-экспэдыцыйных кампаній.
Адзначаецца, што вырак яшчэ не набыў юрыдычную моц і можа быць абскарджаны.
Пра затрыманьне Пятра Дулуба ў пачатку чэрвеня 2024 года распавяла «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Паводле інфармацыі ініцыятывы, гэта адбылося 18 траўня.
13 чэрвеня МУС пацьвердзіла гэтую інфармацыю. У ведамстве тады расказалі, што апэратыўнікі выявілі «факты сыстэмнага хабарніцтва пры лабіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структур, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры грузаперавозак».
У дзяржаўных СМІ яго называлі «самым буйным хабарнікам у гісторыі сучаснай Беларусі».
На Дулуба завялі крымінальную справу па артыкуле аб атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкула 430 КК). Яму пагражае да 15 год зьняволеньня.
Паводле інфармацыі праекта «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», Дулуба затрымалі «на хабары» з доказамі злачынства, з прымяненьнем спэцыяльна пазначаных купюр.
Форум