Прапагандыст Рыгор Азаронак у калёнцы для аднаго з праўладных СМІ абурыўся дзейнасьцю шэрагу прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі і паабяцаў іх «выкараніць», піша «Зеркало».
На думку Азаронка, прарасейскія актывісты ў Беларусі спрабуюць разваліць Саюзную дзяржаву, прычым робяць гэта «не пад заходніцкімі або лібэральнымі лёзунгамі, а пад нібыта прарасейскімі».
«Галоўнымі фігурантамі расколу» Азаронак назваў прарасейскіх актывістаў Эльвіру Мірсалімаву, Міхаіла Юспу, Усевалада Шымава, Сяргея Шыпценку, Юрыя Баранчыка, Арцёма Агафонава, Кірыла Авяр’янава, Аляксандра Гронскага.
«Некаторых пакуль не называем. Прыйдзе час», — паабяцаў прапагандыст.
Паводле яго слоў, усе гэтыя людзі «крычаць аб сваёй прарасейскасьці на кожным рагу», аднак у рэальнасьці быццам бы «выконваюць заходні заказ» і маюць сувязі за мяжой, у прыватнасьці ў незалежных СМІ. Таксама Азаронак папракнуў прарасейскіх актывістаў за тое, што яны «не пад санкцыямі» і «усяляк пазьбягаюць любой дапамогі Данбасу, новым тэрыторыям».
«Менавіта яны зладзілі скандал і гістэрыку наконт фэйкавай „забароны георгіеўскіх стужак“ у Беларусі. Менавіта яны выкарыстоўваюць вялікую акцыю „Несьмяротны полк“ для брудных палітычных маніпуляцый. Менавіта яны абражаюцца на кожную шыльду на беларускай мове. Менавіта яны сыстэмна і беспакарана (пакуль) абражаюць нашых дзяржслужачых», — напісаў Азаронак.
Ён паабяцаў «выкараніць здраду — і зьлева, і справа».
Падобныя абвінавачанні прапагандыст выказваў і раней.
Вясной 2025 году пад рэпрэсіі патрапіла праўладная і прарасейская актывістка Вольга Бондарава, Яе муж тады распавёў, што Бондараву адправілі на «суткі» па «экстрэмісцкім» артыкуле — у выніку яе адлічылі з ВНУ. Акрамя таго, на «суткі» трапляў і прарасейскі «калега» Бондаравай Сяргей Лашкоў, а раней — Эльвіра Мірсалімава.
Форум