У прыватнасьці, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, затрымлівалі «а захоўваньне наркотыкаў, напад на супрацоўнікаў службы бясьпекі, захоўваньне і пранос піратэхнічных вырабаў, а таксама за незаконнае пранікненьне».
Паліцыя аштрафавала 50 чалавек на агульную суму 11 450 злотых (больш за тры тысячы даляраў у эквіваленце. — РС), яшчэ 38 заяў аб пакараньні штрафамі перадалі ў суд.
«Паліцыя вызначае ўсе адпаведныя дэталі і высьвятляе асоб, вінаватых у зьяўленьні на стадыёне лёзунгаў, якія могуць прадстаўляць сабой забароненае дзеяньне. Сабраныя па гэтай справе доказы ўжо накіраваны ў пракуратуру для прававой і крымінальнай ацэнкі», — паведамілі ў Варшаўскай паліцыі.
У гэтым выпадку, імаверна мова ідзе аб зьяўленьні на стадыёне чырвона-чорнага сьцяга Ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА). Ва Ўкраіне гэты сьцяг зьяўляецца сымбалем нацыянальна-вызвольнага руху і часта выкарыстоўваецца разам зь дзяржаўным, асабліва пад час памятных мерапрыемстваў і ў кантэксьце барацьбы за незалежнасьць. У Польшчы нэгатыўнае стаўленьне як да УПА, так і да яе лідэраў, у тым ліку Сьцяпана Бандэры. Гэтае войска ў Польшчы абвінавачваюць у датычнасьці да этнічных чыстак на Валыні, вядомых як «Валынская разьня».
У паліцыі паведамілі, што перад канцэртам і ў часе яго паліцыянты неаднаразова зьвязваліся з арганізатарамі, каб тыя дапамаглі перадухіліць эскаляцыю агрэсіўных паводзін сярод прысутных на стадыёне.
Пазьней паліцыя апублікавала шасьціхвілінны відэаролік аб тым, у якіх умовах яны вымушаныя былі працаваць 8-10 жніўня, калі ў Варшаве адбывалася некалькі масавых мерапрыемстваў.
Некаторых прыхільнікаў Макса Каржа паліцыянты выводзілі ў кайданках, сярод такіх была сама меней адна дзяўчына. Каля стадыёну знаходзілася вялікая колькасьць супрацоўнікаў спэцыяльнага прызначэньня і спэцыяльная паліцэйская тэхніка. У відэароліку таксама паказалі, як паліцыянты даглядалі за сабакам, якога давялося вызваляць з зачыненага аўтамабіля аднага з гледачоў канцэрту.
Як паведаміла выданьне Onet, пасьля канцэрту натоўп рушыў у цэнтар Варшавы, дзе пачалі запускаць феерверкі. Там таксама ўспыхнулі беспарадкі і адбыліся затрыманьні.
Сам Макс Корж у допісе на сваёй старонцы ў Instagram падзякаваў Варшаве «за круты канцэрт і неверагодны маштаб».
«Шуму навялі, як заўсёды. Насуперак мясцовым асьцярогам, сустрэча атрымалася вельмі цёплай і прыемнай. [...] Усім маім малым, усім Dvizhам дзякуй за магутнейшую падтрымку. Гэта максымальны ўзровень падтрымкі, аб якім толькі можа марыць музыка», — адзначаецца ў допісе.
Рэакцыі на паводзіны сваіх прыхільнікаў і затрыманьні іх паліцыяй у допісе няма.
Форум