Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не дыктатар» — прэзыдэнт Сэрбіі заявіў, што ня будзе зьмяняць Канстытуцыю дзеля новага тэрміну на пасадзе


Канцлер Аўстрыі Крысьціян Штокер і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. 13 жніўня
Канцлер Аўстрыі Крысьціян Штокер і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. 13 жніўня

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў 13 жніўня, што ня мае намеру зьмяняць Канстытуцыю краіны, каб балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін.

Пра гэта ён паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Бялградзе пасьля сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Крысьціянам Штокерам, піша выданне «Kurir».

«Я палітычны вэтэран, я больш не магу балятавацца ў прэзыдэнты, і мне нават у галаву не прыходзіць зьмяняць Канстытуцыю, каб працягваць удзельнічаць у выбарах. Я не дыктатар, якога вы малюеце ў аўстрыйскіх СМІ, я завяршу сваю прэзыдэнцкую кар’еру праз паўтара года», — сказаў Вучыч, адказваючы на пытаньне аўстрыйскага журналіста.

Прэзыдэнт Сэрбіі дадаў, што і надалей будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, але пакуль не раскрывае, якую пасаду можа заняць.

  • Аляксандра Вучыча лічаць прыхільнікам Расеі. У траўні 2025 года ён упершыню з пачатку поўнамаштабнай расейска-украінскай вайны наведаў Маскву, дзе прысутнічаў на парадзе 9 траўня. Праз месяц, у чэрвені, Вучыч упершыню наведаў Украіну.
  • Вучыч павіншаваў Лукашэнку пасьля прэзыдэнцкіх выбарах сёлета ў студзені. Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта Беларусі. Краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя ў супольнай заяве асудзілі выбары ў Беларусі.
  • У Сэрбіі з лістапада 2024 года адбываюцца масавыя студэнцкія пратэсты. Удзельнікі дэманстрацый блякуюць унівэрсытэты па ўсёй краіне і патрабуюць правесьці датэрміновыя выбары прэзыдэнта Сэрбіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG