Паводле зьвестак, расейскай арміі ўдалося прарваць лінію фронту на Данбасе на 10 кілямэтраў у глыбіню. Прадстаўнікі Узброеных сілаў Украіны лічаць, што ўтрымаць гэтую тэрыторыю ворагу не ўдасца, паведамляе Настоящее время.
Першым на зьмены на фронце адрэагаваў валантэр Сяргей Стэрненка:
«Вораг зьдзейсьніў прарыў фронту на 10 км паблізу Дабрапольля. Траса Дабрапольле—Краматорск перарэзаная і знаходзіцца пад кантролем расейцаў у раёне населенага пункта Новавадзяное. Сытуацыя крытычная», — напісаў ён 11 жніўня.
Аналітыкі называюць сытуацыю хаатычнай, у камандаваньні Ўкраіны кажуць, што яна кантраляваная.
Расейскія войскі знайшлі праломы ў абароне, прабіраюцца ў глыбіню, спрабуюць хутка замацавацца і назапасіць сілы для далейшага наступу. У раёне гэтага прасоўваньня ёсьць фартыфікацыі УСУ. Калі расейскія салдаты іх зоймуць, выбіць іх адтуль будзе вельмі складана, піша «DeepState».
На гэтым фоне былы начальнік штаба 12-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня «Азоў» Багдан Кратовіч зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і заявіў пра вялікія праблемы:
«Пакроўск і Мірнаград амаль у акружэньні. Канстанцінаўка — у паўакружэньні. Вораг прасоўваецца ў напрамку Краматорска і Дружкаўкі. Сыстэмная праблема пачалася са сьціраньня рэзерваў, масавага раздрабленьня падразьдзяленьняў па ўсёй лініі фронту, справаздач пра „узятае сяло“ як пра перамогу на фоне правалаў цэлых напрамкаў, разьмеркаваньня мабілізацыйнага рэсурсу „кумам“, а таксама абсалютнай адсутнасьці стратэгічнага і нават апэратыўнага бачаньня тэатра баявых дзеяньняў з боку вайсковага кіраўніцтва», — напісаў Кратовіч.
Прасоўваньне расейскіх войскаў у Данецкай вобласьці пракамэнтаваў і кіраўнік валантэрсака фонду «Вярніся жывым» Тарас Чмут. Ён прагназуе, што калі цяперашнія праблемы ігнараваць, фронт будзе «правальвацца» яшчэ больш:
«Спачатку мы „правальваемся“ на ўзроўні ўзводаў. Потым рот. Потым прыйшла чарга батальёнаў. Калі дойдзе да брыгад, вораг кіне ў бой свае бранятанкавыя групы, якія актыўна назапашваюцца ўжо год, і выйдзе ў тыл, у апэратыўную прастору. І мапа зноў будзе „зрушацца“, як гэта было ў 2022-м — дзясяткамі, сотнямі квадратных кілямэтраў штодзень».
У групоўцы войскаў «Днепр» каналу «Настоящее Время» заявілі, што называць тое, што адбываецца, «прарывам» — перабольшаньне. Але і казаць, што ўсё добра, таксама нельга.
«Прарывам на дадзены момант гэта не з’яўляецца. Проста таму, што там не прайшла такая колькасьць асабовага складу ворага, няма тэхнікі. Проста колькасьць асабовага складу ня тая, якая дазволіць утрымліваць тую тэрыторыю, што намаляваная на карце. Гэта фізычна ня тое. Таксама калі ў нас, умоўна, нехта прывязе аўтобус расейцаў да Кіева, гэта ня значыць, што расейцы ўзялі Кіеў пад кантроль», — тлумачыць сьпікер групоўкі войскаў «Днепр» Віктар Трэгубаў.
Паводле ўкраінскага вайскоўца, у расейскіх войскаў вялікая перавага ў жывой сіле. Пяхота РФ прабіраецца праз першую лінію абароны Ўкраіны: не штурмуе апорныя пункты, а проста абыходзіць іх.
«Фактычна яны выкарыстоўваюць тое, што іх шмат, нас ня так шмат, фронт не настолькі суцэльны, каб можна было лавіць кожную такую групу яшчэ на этапе першай лініі, — кажа Трэгубаў. — Калі яны ўжо прарваліся, выкарыстоўваюцца рэзэрвы, каб зьнішчыць іх на месцы. Але пакуль усё гэта адбываецца, на карце яно выглядае, быццам клін прайшоў далёка, аж да дзесяці кілямэтраў. Іншая справа, што гэты клін — не танкавы клін часоў Другой сусьветнай вайны».
Трэгубаў кажа, што ўкраінскую лінію абароны трэба ўшчыльняць, а для гэтага патрэбна больш асабовага складу. У гэты ж час корпус Нацгвардыі «Азоў» паведаміў, што заняў абарону на Пакроўскім напрамку.
Пакуль што гаворка пра абвал украінскага фронту не ідзе, адзначае расейскі ваенны экспэрт Ян Матвееў. Украінскі бок ужо перакінуў туды дадатковыя падмацаваньні, кажа ён:
«Але, безумоўна, гэта вельмі небясьпечны прарыў. Ён небясьпечны найперш тым, што калі яго не ліквідаваць у бліжэйшы час, расейскія войскі будуць яго ўмацоўваць, пашыраць і ператвараць у паўнавартасны выступ фронту, які дадаткова пагражае Пакроўску і Дабрапольлю, а з другога боку — Канстанцінаўцы, патэнцыйна дазваляючы прасоўвацца далей».
«Праз нейкі час, калі расейская армія там замацуецца, пашырыць захопленую тэрыторыю, яны змогуць рухацца проста па цэнтры Данецкай вобласьці да мяжы з Харкаўскай вобласьцю, такім чынам, расьсякаючы гэтую тэрыторыю на дзьве часткі і падзяляючы фронт на дзьве часткі»*, — лічыць Ян Матвееў.
У Генштабе адзначаюць толькі колькасьць баявых сутыкненьняў на розных лініях фронту.
Форум