«У 2019-2024 гадах агульная ёмістасьць расейскага рынку спажываньня вырасла ня менш, чым на 16%, пры гэтым імпарт будматэрыялу практычна патроіўся. Да цяперашняга лета тэндэнцыя дасягнула пагрозьлівых для галіны маштабаў: імпартныя пастаўкі цэмэнту зь Беларусі, Ірану і Казахстану, нягледзячы на відавочнае пагаршэньне сытуацыі, прадоўжылі павялічвацца», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы расейскага холдынгу.
Згодна зь інфармацыяй, цяперашні аб’ем імпарту закрывае цалкам патрэбы ў цэмэнце 6-7 расейскіх рэгіёнаў або 2-3 цэмэнтных заводаў. Праз гэта прадпрыемствы холдынгу з 1 кастрычніка вымушаныя скараціць працоўны тыдзень, каб захаваць кадры ва ўмовах падзеньня спажываньня цэмэнту і далейшага павелічэньня імпарту.
Экспэрты расейскай кампаніі мяркуюць, што неабходна вызначыць кароткатэрміновы ліміт на імпарт цэмэнту ў Расею на ўзроўні, ня больш чым 1,5 мільёна тон на год. «Гэта дазволіць захаваць загрузку расейскіх вытворчых магутнасьцяў і падтрымаць галіну ва ўмовах зьніжэньня попыту і павелічэньня ўвозу будматэрыялу з-за мяжы», — адзначаецца ў паведамленьні.
«Замежныя пастаўшчыкі фактычна „здымаюць вяршкі“ з захадаў падтрымкі будаўніцтва, уведзеных у 2020–2023 гадах урадам і прэзыдэнтам Расеі, пры тым, што галоўнымі бэнэфіцыярамі гэтых захадаў павінны былі стаць расейскія вытворцы», — падкрэсьлілі ў кампаніі.
У Расею цэмэнт пастаўляюць зь Беларусі, Ірану, Казахстану, Кітаю і Віетнаму. У холдынгу «Цемрос» працуюць прыблізна 13 тысяч рабочых. Холдынг належыць расейскаму мільярдэру Алегу Дзерыпаску.
У сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў забарону на ўвоз зь Беларусі шэрагу відаў прадукцыі — драўніны, цэмэнту, бэтону, жалеза і сталі, а таксама вырабаў зь іх.
Сёлета ў ліпені санкцыі супраць «Беларускай цэмэнтнай кампаніі» увяла Польшча.
Пасьля разьвязаньня Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны расейскі рынак стаў асноўным для збыту беларускага цэмэнту.
Да 2019 году Беларусь прадавала Ўкраіне больш за 360 тысяч тон цэмэнту. У 2019 годзе Ўкраіна ўвяла антыдэмпінгавыя мэты на беларускі цэмэнт у памеры 57,03%. Пасьля пачатку вайны гэтыя захады падоўжылі да 2030 году.
Форум