Пра новую амбітную пастаноўку і іншыя праекты Беларускага свабоднага тэатру ў жывым эфіры «ПіКа Свабоды» Ганна Соўсь гутарыць з сузаснавальнікам тэатру, рэжысэрам, драматургам, кавалерам Ордэну Брытанскай імпэрыі Мікалаем Халезіным.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра пастаноўку «Urząd Przyjemności» у Варшаве
— Я не пабаюся сказаць, што гэта сюрпрыз. Гэта той праект, у якім працавалі ўсе тыя, хто цяпер працуе ў Свабодным тэатры. Гэта не дакумэнтальная праца. Гэта цалкам мастацкі твор, і ад гэтага ён становіцца яшчэ мацнейшым па ўзьдзеяньні. Таму ўсе, калі мы гаворым пра тых, хто эміграваў у Польшчу, а такіх ужо сотні тысяч, ведаюць слова «Urząd» — і для іх гэта слова, ад якога па целе ідзе халодны пот, таму што «Urząd» вырашае, даваць ці не даваць від на жыхарства, чаго табе не хапае для таго, каб падацца. Цябе могуць ганяць па чэргах і г. д. Гэта ўсё робіць бюракратыя. І ўжо тут няма значэньня, польская яна ці не польская. Бо з гэтым сутыкаюцца людзі ва ўсіх краінах. Беларусы з гэтым сутыкаюцца і ў Чэхіі, і ў ЗША, і ў Вялікабрытаніі, і ў Францыі, у Германіі, паўсюль. Бо існуе цэлы шэраг дурных
правілаў. Існуе пэўны пагардлівы погляд на мігрантаў. І вось пра ўсё гэта і будзе спэктакль. Мы хочам паказаць гэты спэктакль асабліва ў тых гарадах і краінах, дзе жыве шмат беларусаўю. Пасьля прэм’еры ў Варшаве мы вызначымся, куды павязем і хто зможа гэта ўбачыць. Зараз ёсьць тэкст на беларускай мове, на расейскай, на польскай, і ўжо робіцца фінальны пераклад на ангельскую. У спэктаклі гучаць усе гэтыя мовы, і будуць субтытры для перакладу на іншыя. Гэта карпатлівая праца, якую мы хочам давесьці да пракатнай версіі, каб можна было везьці і паказваць.
Пра опэру паводле рамана Сашы Філіпенкі «Слон»
— Раман Сашы Філіпенкі «Слон», калі браць апошнія 30 гадоў, уваходзіць у першую тройку раманаў, якія моцна на мяне паўплывалі. Адзін з іх — гэта «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, дзе, можна сказаць, ледзь не пра мяне напісана. Другі раман — «Па што ідзеш, воўча» Сьвятланы Курс (Евы Вежнавец), які, як я лічу, яшчэ не атрымаў належнага ўвасабленьня ні ў кіно, ні ў тэатры. І вось «Слон» Сашы Філіпенкі для мяне цяпер — трэці раман. Мы схіляемся да таго, што гэта будзе опэра. Прычым опэра абсалютна новага фармату. Мы ўжо былі з папярэдняй опэрай «Дзікае паляваньне караля Стаха» намінаваныя на «Олівэр» — найвышэйшую тэатральную ўзнагароду Вялікабрытаніі. І нам, напэўна, трэба яе атрымаць. Таму цяпер зробім опэру, якая выйдзе за рамкі традыцыйнай опэрнай пастаноўкі. Маецца на ўвазе, што вакал застанецца клясычным, опэрным, але ў падачы мы хочам зрабіць яго больш даступным, больш інавацыйным, выкарыстоўваючы тыя інструмэнты, якія сёньня можна ўжываць нават пры невялікіх выдатках.
Хочацца працягнуць супрацоўніцтва з тымі, зь кім ужо працавалі. У мяне адчуваньне, што ні Вольга Падгайская яшчэ ня ўсё сказала, ні Андрэй Хадановіч, тым больш, што яны вартыя найвышэйшых пахвал і самых вялікіх сусьветных сцэнаў. І вядома, вакалісты таксама. Хацелася б, каб былі ня толькі ўкраінскія вакалісты, але і беларускія далучыліся. Мы будзем вельмі ўважліва над гэтым працаваць, бо хочам зрабіць гэты спэктакль заяўкай на вялікую сусьветную падзею, якая пры сваёй камэрнасьці была б вельмі маштабнай унутры. Каб мы маглі прадэманстраваць інавацыйныя мэханізмы, якія пакуль ніхто ў тэатры ня здолеў асвоіць на высокім узроўні. А мы хочам гэта зрабіць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум