У панядзелак найбуйнейшая ў Заходняй Эўропе атамная электрастанцыя Gravelines на поўначы Францыі была цалкам спынена пасьля таго, як «рой мэдуз» заблякаваў помпы, якія выкарыстоўваюцца для ахалоджваньня рэактараў. Аб гэтым паведаміла энэргетычная кампанія EDF.
Паводле заявы EDF, аўтаматычнае спыненьне чатырох энергаблёкаў не паўплывала на бясьпеку аб’ектаў, пэрсаналу або навакольнага асяродзьдзя. Прычынай сталі «масавае і непрадказальнае зьяўленьне мэдуз у фільтравальных барабанах помпавых станцый».
Тры энэргаблёкі аўтаматычна адключыліся позна ўвечары ў нядзелю, яшчэ адзін — раніцай у панядзелак. Два іншыя блёкі ўжо знаходзіліся ў плянавым рамонце, таму пасьля інцыдэнту работа станцыі поўнасьцю прыпыненая.
«Пэрсанал станцыі мабілізаваны і праводзіць неабходную дыягностыку і працы для бясьпечнага аднаўленьня вытворчасьці электраэнэргіі», — зазначылі ў EDF.
АЭС Gravelines складаецца з шасьці рэактараў, кожны магутнасьцю 900 мэгават. Плянуецца, што да 2040 году на пляцоўцы будуць уведзены ў эксплёатацыю два новыя рэактары пакаленьня EPR магутнасьцю па 1600 мэгават.
Форум