У ЦАХАЛ з спасылкай на дадзеныя сваёй выведкі заявілі, што праца ў СМІ аднаго з журналістаў была прыкрыцьцём, насамрэч аль-Шарыф узначальваў вузу ХАМАС у горадзе Джабалія, і яна мае дачыненьне да запускаў ракет па Ізраілі.
У Al Jazeera паведамілі, што аль-Шарыф і яшчэ чацьвёра журналістаў загінулі пры ўдары ізраільскіх войскаў па іх намёце каля лякарні Аль-Шыфа ў горадзе Газа. Анас аль-Шарыф, якому было 28 гадоў, у 2024 годзе ў складзе каманды Reuters атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за фотаматэрыялы аб вайне ў Газе. Незадоўга да гібелі ён напісаў у сацсетцы X, што ізраільскія войскі ўжо больш за дзьве гадзіны вядуць інтэнсіўны абстрэл гораду.
Агулам у выніку ўдару загінулі сем чалавек, пяцёра зь іх — супрацоўнікі тэлеканалу.
У ліпені міжнародны «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) заяўляў аб пагрозах ізраільскіх вайскоўцаў у адрас аль-Шарыфа пасьля таго, як той заплакаў перад камэрай, асьвятляючы голад у сэктары Газа. У CPJ тады адзначалі, што «неабгрунтаваныя абвінавачаньні» з боку ЦАХАЛ «увасабляюць спробу сфабрыкаваць згоду на забойства аль-Шарыфа».
На старонку журналіста ў Instagram падпісаныя 1,6 млн чалавек, у X — 555 тысяч.
8 жніўня Вайскова-палітычны кабінэт Ізраілю прагаласаваў за ўсталяваньне «кантролю» ў Газе. Да жніўня 2025-га ЦАХАЛ кантраляваў больш за 75% усёй тэрыторыі сэктару.
Раней Біньямін Нэтаньягу заявіў у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу Fox News, што пасьля акупацыі Ізраіль ня мае намеру ўстанаўліваць палітычны кантроль над сэктарам.
Паводле апытаньняў ізраільскага парталу Walla і прыватнага дасьледчага інстытуту Panel for All, 67% ізраільцян выступаюць за спыненьне вайны ў сэктары Газа і вызваленьне закладнікаў. Каля 30% лічаць, што вайсковыя дзеяньні нельга спыняць.
Ізраіль перакрыў паступленьне гуманітарнай дапамогі ў Газу ў сакавіку 2025 году, у траўні яна аднавілася са значнымі абмежаваньнямі: разьмеркаваньнем харчаваньня заняўся «Гуманітарны фонд Газы», які кантралююць ЗША і Ізраіль. Вакол створаных цэнтраў раздачы адбывалася страляніна, з-за гэтага загінулі некалькі сотняў палестынскіх арабаў. Сьведкі, у тым ліку былыя ахоўнікі гэтых цэнтраў, ускладалі віну за гібель большасьці гэтых людзей на ізраільскіх вайскоўцаў.
Ізраіль пачаў баявыя дзеяньні ў Газе ў адказ на напад ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году на прымежныя кібуцы і музычны фэстываль, тады баевікі забілі каля 1200 чалавек і захапілі больш за 250 чалавек у закладнікі.
Форум