Беларуса ў Польшчы будуць судзіць за намер працаваць на КДБ

Затрыманьне сурацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бясьпекі, ілюстрацыйнае фота

Польская пракуратура перадала ў суд справу супраць грамадзяніна Беларусі Арцёма К., якога абвінавацілі ў няўдалай спробе шпіянажу для беларускіх спэцслужбаў.

У сьнежні 2024 году Агенцтва ўнутранай бясьпекі атрымала доказы таго, што Арцём К. заявіў пра гатоўнасьць працаваць на беларускую выведку, а менавіта на Камітэт дзяржаўнай бясьпекі супраць Рэспублікі Польшча, — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Паводле абвінавачваньня, Арцём К. быў гатовы:

  • ажыцьцяўляць выведніцкую і дывэрсійную дзейнасьць у Польшчы і іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу,
  • перадаваць зьвесткі пра разьмяшчэньне крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі Польшчы,
  • перадаваць інфармацыю пра беларускіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў Польшчы.

Ад сьнежня 2024 году Арцёма К. трымаюць пад арыштам. Віны ён не прызнаў.

Пракуратура перадала справу ў Беластоцкі акруговы суд яшчэ 2 чэрвеня.

Беларусу пагражае ад 6 месяцаў да 8 гадоў турмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У паліцыі Варшавы паведамілі аб затрыманых на канцэрце Каржа і аб выкарыстаньні забароненых лёзунгаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пяцёх беларусаў абвінавачваюць у дывэрсіях і шпіянажы