Найбуйнейшая паводле накладу газэта Японіі Yomiuri Shimbun зьвярнулася ў суд з пазовам супраць кампаніі Perplexity і вінаваціць яе ў парушэньні аўтарскіх правоў. Пра гэта паведаміла выданьне Nieman Lab. І гэта першы пазоў у гэтай сфэры ў гісторыі японскіх выданьняў, пададзеных супраць кампаній, што працуюць з штучным інтэлектам.
Пазоў зарэгістравалі 7 жніўня ў Такійскім акруговым судзе. У ім сьцьвярджаецца, што Perplexity выкарыстоўвала незаконны доступ да прыкладна 119,5 тысяч артыкулаў на сайце Yomiuri у пэрыяд зь лютага па чэрвень бягучага году. Такую выснову зрабілі пасьля аналізу ўваходаў з карпаратыўных сэрвэраў. У Yomiuri заявілі, што сабраную інфармацыю стартап без дазволу выкарыстоўвае ў адказах на запыты карыстальнікаў.
Perplexity абвінавачваюць у парушэньні права на ўзнаўленьне зьмесьціва і яго распаўсюду сярод шырокай публікі, якія ў японскім заканадаўстве забясьпечваюць кантроль праваўладальнікаў над капіяваньнем іх інтэлектуальнай уласнасьці.
Ад Perplexity патрабуюць кампэнсаваць $15 млн шкоды і спыніць выводзіць матэрыялы Yomiuri у адказах. Пазоўнікамі выступаюць тры юрыдычныя асобы газэты з штаб-кватэрамі ў Токіё, Осацы і Фукуоцы, якія ўваходзяць у холдынг Yomiuri Shimbun Holdings.
Японскія законы дазваляюць распрацоўнікам ШІ навучаць мадэлі на абароненай капірайтам інфармацыі, не запытваючы дазволу. Адпаведную папраўку ў закон аб аўтарскім праве ўнесьлі яшчэ ў 2018 годзе, каб стымуляваць разьвіцьцё ШІ ў краіне. Але масава выкарыстоўваць такі кантэнт або распаўсюджваць яго копіі, калі гэта шкодзіць інтарэсам праваўладальнікаў, распрацоўнікам нельга.
Раней воблачная кампанія Cloudflare абвінаваціла Perplexity ў выкарыстаньні ботаў, якія абыходзяць абмежаваньні і зьбіраюць зьвесткі незаконным чынам. У прыватнасьці, Cloudflare сьцьвярджае, што Perplexity зьмяняе назвы сваіх ботаў у полі User-Agent і выкарыстоўвае аўтаномныя сыстэмы для абыходу блякаваньняў, напрыклад, імітацыю сеткавага аглядальніка Google Chrome на macOS.
Што такое Perplexity?
Ініцыятыва Perplexity — прадукт, створаны з удзелам ураджэнца Гомля Дзяніса Ярца. Беларус больш за 10 гадоў жыве ў ЗША, за гэты час папрацаваў у Microsoft, Quora і Facebook/Meta. На радзіме Ярац скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, а затым стаў доктарам філязофіі ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрку. Ва ўнівэрсытэце якраз займаўся праблематыкай штучнага інтэлекту.
Стартап зьявіўся ў 2022 годзе ў амэрыканскім Сан-Францыска. Яго разам зь беларусам заснавалі ягоныя кампаньёны — Аравінд Шрынівас, Эндзі Канвінскі і Джоні Го. У 2023-м праект манэтызавалі праз падпіскі карыстальнікаў.
Perplexity AI — пошукавая сыстэма і чат-бот на базе штучнага інтэлекту, які выкарыстоўвае перадавыя тэхналёгіі для адказаў на запыты ў рэжыме рэальнага часу. Да канца 2024 году Perplexity AI атрымліваў прыкладна 15 мільёнаў пошукавых запытаў на дзень, іх колькасьць пастаянна расла. Ужо ў пачатку 2024 году стартап стаў так званым «адзінарогам» — яго ацанілі ў 1 млн даляраў. А цягам году ягоная цана вырасла да 9 мільярдаў.
Летась кампанія LinkedIn назвала стартап першым у ЗША ў 2024 годзе. Пакуль няясна, як паўплываюць скандалы вакол збору зьвестак на працу кампаніі і яе кошт.
Форум