За першае паўгодзьдзе сёлета экспарт з Беларусі ўпаў на 3,7%, пры гэтым імпарт вырас на 3,3%. Беларусь больш набывае, чым прадае, вынікае з дадзеных Белстат.
Апошнія гады Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі. У траўні міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі заяўляла, што пастаўкі беларускага харчаваньня ў Расею ў першым квартале вырасьлі на 9,7% у параўнаньні з мінулым годам.
Пра іншыя катэгорыі тавараў не гаварылася. Таксама ў траўні расейскі бок паведамляў, што таваразварот паміж дзьвюма краінамі вырас на 3%, канкрэтна пра экспарт з Беларусі не паведамлялася.
Больш сьвежай і падрабязнай статыстыкі ніводзін з бакоў не публікаваў. Аднак, так адбываецца не ва ўсіх галінах і не з усімі таварамі. Напрыклад, вядома, што бульбы сёлета Беларусь прадала ў Расею ўдвая меней, чым летась.
Таксама зьнізіліся пастаўкі прадукцыі машынабудаўніцтва. Пастаўкі грузавых аўтамабіляў МАЗ упалі на 44% за першае паўгодзьдзе. Летась у Расею прадалі 2844 грузавікі, сёлета — 1601. Гэта вынікае з дадзеных расейскага аўтастата.
Пастаўкі аўтобусаў праселі на 55%. Летась са студзеня па чэрвень Беларусь прадалі ў Расею 294 аўтобусы, сёлета ж толькі 132.
Продажы легкавых аўтамабіляў скараціліся амаль утрая. Летась Расея закупіла 30,7 тысяч аўтамабіляў, сёлета толькі 10,5.
«Тэндэнцыя на агульнае зьніжэньне»
Агулам заўважна тэндэнцыя на зьніжэньне беларускага экспарту ў Расею, што зьвязана са зьніжэньнем там попыту на беларускія тавары, гаворыць акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру Beroc Леў Львоўскі.
«Агульная тэндэнцыя на зьніжэньне экспарту яшчэ і таму, што ў Расеі падае попыт. У Расеі таксама перагрэў эканомікі, Цэнтральны банк Расеі гэта разумее, таму яны прынялі меры, каб яе астудзіць. Запавольваньне беларускай эканомікі — гэта прамы вынік зьніжэньня попыту ў Расеі», — мяркуе Леў Львоўскі.
Калі казаць пра асобныя катэгорыі прадукцыі, то па сельскагаспадарчых таварах попыт застаецца высокім. Пра гэта кажа аўтар праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін.
«Расейскі рынак харчаваньня вялізны з пункту гледжаньня беларускай эканомікі і патрэбы ў беларускай прадукцыі ёсьць, таму тут адбываецца рост. А вось у машынабудаваньні праблемы і цалкам адваротная карціна. Назіраецца падзеньне ад году ў год. Беларускія вытворцы прайграюць канкурэнтную барацьбу кітайцам, якія робяць лепшую і таньнейшую тэхніку», — зважае суразмоўца.
На расейскім рынку адчуваецца стагнацыя і праблемы, дадае Уладзімер Кавалкін. Аднак, ад некаторых беларускіх прадуктаў яны ўсё адно не адмовяцца нават у крызісныя часы.
«Там прагноз на зьніжэньне попыту і павелічэньня банкруцтваў. Аднак, ад той жа ежы яны не адмовяцца. Гэты рынак не будзе зьмяншацца. Па машынабудаваньню рынак амаль страчаны. У ваенна-прамысловы комплекс Расея будзе ўкладацца», — даводзіць суразмоўца.
Леў Львоўскі дадае, што па некаторых прадуктах харчаваньня ўзьнікае дэфіцыт у самой Беларусі.
«З гароднінай і садавіной, судзячы па ўсім, у Беларусі справы не наладзяцца. І ўсе праблемы, якія выкліканыя кантролем цэнаў, яны таксама застаюцца», — мяркуе Леў Львоўскі.
Гэта значыць, па гародніне і садавіне экспарт у Расею таксама можа зьніжацца.
«Могуць зьнізяцца заробкі ў асобных сфэрах»
Што да наступстваў ад скарачэньня продажу некаторых тавараў у Расею, то гэта верне беларускія заводы на ранейшыя магутнасьці, падсумоўвае Леў Львоўскі.
«Асобныя вытворчасьці ў Беларусі апошнія гады працавалі звыш меры. Калі трэба меншая вытворчасьць, то значыць, загрузка будзе падаць, вяртацца ў норму. У стан 2021 году. Нейкай катастрофы не будзе», — зважае эканаміст.
У сфэры ж машынабудаваньня могуць быць праблемы ў выглядзе зьніжэньня даходаў, дадае Уладзімер Кавалкін.
«Будуць праблемы, але, магчыма, людзі часткова пяройдуць у вайскова-прамысловы комплекс. Вытворчасьць можа зьмяніцца з цывільных грузавікоў на апаратуру для расейскага войска», — мяркуе суразмоўца.
Яшчэ адна небясьпечная тэндэнцыя, гэта істотная розьніца паміж тым, колькі тавараў Беларусь набывае і тым, колькі прадае. Пакуль імпарт перавышае экспарт на больш, чым 3 мільярды даляраў. Уладзімер Кавалкін зьвяртае ўвагу, што такая тэндэнцыя вядзе да далейшага росту коштаў, а ў пэрспэктыве і да дэвальвацыі.
«Гэта трывожны званочак. Альбо можна браць зьнешнія пазыкі, каб закрыць гэтыя дзіры, ці правесьці дэвальвацыю рубля. Адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда закрываецца такімі дзьвюма сродкамі. Можа, усё ж знойдуць танны крэдыт ці субсыдыю», — даводзіць суразмоўца.
Летась Беларусь прадала тавараў за мяжу агулам на 40,3 мільярды даляраў. Доля Расеі складае больш за 65%.
Форум