Да апошняга пакету санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі далучылася восем краін па-за ім: Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвэгія і Ўкраіна, паведамляе прэс-служба Эўрапейскай Рады.
Гэтыя краіны забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі рашэньню Рады. Эўрапейскі Зьвяз «прымае да ўвагі гэтае абавязаньне і вітае яго», адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Прынятыя 18 ліпеня абмежавальныя меры ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску сфакусаваныя на забароне імпарту зброі, кантролі над экспартам і блякіроўцы фінансавых апэрацый. Характэрна, што па Беларусі і Расеі прынятыя разьдзельныя санкцыйныя дакумэнты.
Рада ЭЗ палічыла мэтазгодным увесьці дадатковыя абмежавальныя меры «з прычыны цяжкасьці існуючай сытуацыі і ў адказ на працяг удзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Рашэньнем найвышэйшага палітычнага органу ЭЗ забароненая закупка «любых узбраеньняў і спадарожных матэрыялаў зь Беларусі».
Выканаўчы дакумэнт Рады ЭЗ дапаўняе пералік арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. Гэта зьнешнегандлёвае прадпрыемства «Белзьнешпрамсэрвіс», навукова-вытворчае ТАА «ОКБ ТСП», канструктарскае бюро «КБ Бесьпілётныя верталёты», завод «Легмаш», прадпрыемства «Навукова-тэхнічны цэнтар „ЛЕМТ“ БелОМА», ТАА «Лязэрныя прыборы і тэхналёгіі», ААТ «ВІСТАН» і ТАА «Рухсерва».
Рашэньнем Рады ЭЗ пашыраецца пералік забароненых для экспарту тавараў, якія «могуць садзейнічаць вайсковаму і тэхналягічнаму разьвіцьцю Беларусі або разьвіцьцю яе сэктараў абароны і бясьпекі», — за кошт прадукцыі, якую РФ выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, а таксама тавараў, якія садзейнічаюць «распрацоўцы або вытворчасьці беларускіх вайсковых сыстэм, уключаючы хімічныя прэкурсоры для энэргетычных матэрыялаў, запасныя часткі для станкоў, дадатковыя станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЧПУ) і хімічныя кампанэнты для паліва».
Акрамя таго, забарона не датычыцца транзакцый грамадзян краін ЭЗ, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі Беларусі і жылі ў ёй да пачатку паўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 году. Адначасова профільныя органы краін ЭЗ могуць дазволіць транзакцыі, калі яны патрэбныя для «выхаду зь бізнэсу ў Беларусі, згортваньня камэрцыйнай дзейнасьці на яе тэрыторыі».
Форум