Польшча адказала на прапанову Беларусі аднавіць дыялёг: «У цяперашняй сытуацыі катэгарычна адкідаем такую магчымасьць»

Радаслаў Сікорскі

Афіцыйная Варшава адказала на ноту з боку Менску пра аднаўленьне нармальных міждзяржаўных дачыненьняў і дыялёг пра стабільнасьць у рэгіёне.

На прапанову Менску аднавіць паўнавартасныя дачыненьні і правесьці дыялёг дзеля стабільнасьці ў рэгіёне міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адказаў адмовай. У сваім лісьце на адрас польскіх уладаў беларускі бок паведаміў пра тое, што ў хуткім часе Беларусь і Польшча могуць стаць арэнай новай вайны. Сікорскі на хвалях радыё RMF FM адказаў, што ўжо чатыры гады з тэрыторыі Беларусі і пры ўдзеле ейных службаў адбываюцца «гібрыдныя дзеяньні», вынікам чаго ёсьць, у прыватнасьці, сытуацыя на мяжы.

Таксама Міністэрства замежных спраў зьвярнула ўвагу на тое, што ваеннае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі патрабуе выкананьня пэўнага мінімуму правілаў у рамках міжнародных адносінаў, каб можна было пабудаваць узаемаразуменьне.

«У цяперашнім становішчы ня бачым прасторы для правядзеньня размоваў, і пагатоў дзеяньняў у гэтай галіне», — адказалі ў польскім МЗС.

Напярэдадні кіраўнік Дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы Беларусі Валер Равенка яшчэ раз заклікаў Польшчу да дыялёгу і адзначыў, што дзяржавы могуць вярнуцца да папярэдніх двухбаковых дакумэнтаў, і нават пашырыць супрацу на падставе празрыстасьці і ўзаемнага даверу.

Пакуль жа Равенка толькі абвінаваціў Польшчу ў мілітарызацыі, убачыўшы ў ёй «элемэнт комплекснай непрыязнай стратэгіі ў дачыненьні Беларусі». Сярод іх вайсковы чыноўнік назваў будаўніцтва загароды на мяжы і апараты сачэньня за паветранай прасторай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы прадстаўнік МЗС Польшчы ў справах Беларусі расказаў аб сваіх прыярытэтах


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве абароны Беларусі пракамэнтавалі выхад суседніх краін з Канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў