Генпракуратура павялічыла колькасьць ахвяр нацысцкага лягеру «Трасьцянец» пад Менскам у 2,6 раза

Мэмарыяльная шыльда ў Трасьцянцы.

У нацысцкім лягеры сьмерці «Трасьцянец» пад Менскам, які існаваў падчас акупацыі Беларусі, пахаваныя ня менш за 546 тысяч чалавек, заявіла Генэральная пракуратура Беларусі, падводзячы вынікі ініцыяванай ведамствам так званай «актуалізацыі зьвестак».

Раней лічылася, што на тэрыторыі лягера (урочышчы «Благоўшчына», «Шашкоўка», паблізу вёскі Малы Трасьцянец) пахаваныя 206,5 тыс. чалавек. Такім чынам, Генпракуратура павялічыла колькасьць ахвяр больш як у 2,6 раза.

На патрабаваньне Генпракуратуры органы выканаўчай улады склалі «адзіны пашпарт пахаваньня (уліковы нумар 5838), зьвесткі пра якое ўнесеныя Міністэрствам абароны ў аўтаматызаваны банк даных „Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь“, што мае адкрыты доступ у сетцы Інтэрнэт».

«Акрамя таго, у мэтах захаваньня гістарычнай памяці Генэральнай пракуратурай запатрабавана забясьпечыць давядзеньне да грамадзкасьці, у тым ліку моладзі, поўнай і дакладнай інфармацыі пра рэальныя маштабы трагедыі і наступствы генацыду беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Беларусі ў 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Пры гэтым пад беларускім народам «для мэтаў гэтага закону разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасьляваенны пэрыяд (да 31 сьнежня 1951 году)», — гаворыцца ў законе.

Фрагмэнт мэмарыялу ў Трасьцянцы.

За «адмаўленьне генацыду беларускага народу» арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасьць у выглядзе 5 гадоў зьняволеньня, за паўторнае парушэньне закону — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

17 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе перасьледаваць памерлых у крымінальным парадку. З таго часу ў Беларусі было праведзена некалькі судовых працэсаў у дачыненьні да даўно памерлых ваенных злачынцаў.

  • Незалежныя гісторыкі і экспэрты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанэнтаў. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць зьмест кнігі «Генацыд беларускага народу», якая выйшла пад рэдакцыяй генэральнага пракурора Андрэя Шведа. У ёй сьцьвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году зьяўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаньнем нацысцкай ідэалёгіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаны антысавецкі супраціў у першыя пасьляваенныя гады.