Стала вядома колькасьць беларусаў, якія пасьля заканчэньня кантракту ня могуць звольніцца з расейскай арміі

Расейскі салдат у Запароскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», які ажыцьцяўляе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, паведамілі, што 244 грамадзяніна Беларусі ня могуць звольніцца з расейскай арміі, нягледзячы на заканчэньне іхных кантрактаў зь Міністэрствам абароны Расеі.

«Кантракт з Міністэрствам абароны Расеі — квіток у адзін канец. Расея не адпускае замежных наймітаў, у якіх закончыліся кантракты», — паведамілі ў праекце «Хачу жыць».

Згодна зь інфармацыяй праекта, у шэрагах расейскай арміі супраць Украіны ваююць грамадзяне Казахстану, Узбэкістану, Кіргізстану, Туркмэністану, Таджыкістану, Беларусі, Сэрбіі, Кубы, Сірыі, Нэпалу, Індыі, Шры-Лянкі, Бразыліі, Эгіпту, Гамбіі, Альжыру, Камэруну, Ганы, Нігерыі і Марока.

«Шматлікія замежныя найміты, якія сьвядома падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі Расеі, былі перакананыя, што падпісываюць тэрміновыя кантракты на адзін год. Але гэта ня так. [...] Ад нашых крыніц мы атрымалі інфармацыю і пайменныя сьпісы больш за 3 тысячы замежных наймітаў з 86 краін сьвету, у якіх закончыліся кантракты, але іх аўтаматычна прадоўжылі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле праекту, ня могуць звольніцца таксама 426 грамадзян Узбэкістану, 380 — Шры-Лянкі, 367 — Таджыкістану, 262 — Кубы, 241 — Казахстану, 164 — Нэпалу, 155 — Кіргізстану, 124 — Малдовы, 81 — Эгіпту, 68 — Туркмэністану. Імаверна, гэта толькі папярэднія лічбы.

Сёлета ў лютым у Telegram-канале «НЕ ЖДИ меня из Украины» апублікавалі гісторыю аднаго такога беларуса, які ня мог звольніцца з расейскай арміі пасьля заканчэньня кантракту. У 2024 годзе ён трапіў у лякарню з раненьнямі таза і сьцёгнаў. Па выніках мэдычнага агляду яго прызналі часова ня годным для службы ў войску і рэкамэндавалі адпачынак 45 дзён. Грамадзянін Беларусі таксама сьцьвярджаў, што не атрымаў выплаты за раненьне. Далейшы лёс гэтага мужчыны невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянін Беларусі, які ваяваў за Расею, ня можа звольніцца з расейскай арміі па заканчэньні кантракту

Грамадзяне Беларусі з 2014 году ваююць як на баку Ўкраіны, так і на баку Расеі. Дакладная іх колькасьць невядома.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёны шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус: ён працаваў у Растове, «напіўся і пайшоў у ваенкамат»