Трамп зноў адклаў увядзеньне высокіх тарыфаў на кітайскія тавары

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў адкласьці паўторнае ўвядзеньне больш высокіх тарыфаў на кітайскія тавары за некалькі гадзін да заканчэньня тэрміну гандлёвага перамір’я паміж Вашынгтонам і Пэкінам.

Прыпыненьне Белым домам больш высокіх тарыфаў будзе дзейнічаць да 10 лістапада, піша AFP.

«Я толькі што падпісаў выканаўчы загад, які падоўжыць прыпыненьне тарыфаў на Кітай яшчэ на 90 дзён», — напісаў Дональд Трамп на сваёй плятформе Truth Social.

У той час як Злучаныя Штаты і Кітай сёлета ўвялі больш высокія тарыфы на тавары адзін аднаго, давёўшы іх да трохзначных узроўняў і абмежаваўшы гандаль, абедзьве краіны ў траўні дамовіліся часова зьнізіць іх.

90-дзённае прыпыненьне больш высокіх тарыфаў павінна было скончыцца ўжо 12 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп увёў дадатковае мыта для Індыі за пакупку нафты ў Расеі. Індыя абвінаваціла ЗША і ЭЗ у падвойных стандартах

Прыкладна ў той жа час, калі Трамп падпісаў дакумэнт, кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа» апублікавала сумесную заяву па выніках перамоваў паміж ЗША і Кітаем у Стакгольме, у якой гаварылася, што яно таксама падоўжыць сваю частку перамір’я.

У паведамленьні гаворыцца, што Кітай працягне прыпыняць папярэдняе павышэньне тарыфаў на 90 дзён, пачынаючы з 12 жніўня, захоўваючы пры гэтым 10-працэнтнае мыта.

Кітай таксама «прыме або будзе падтрымліваць неабходныя захады для прыпыненьня або скасаваньня нетарыфных контразахадаў супраць Злучаных Штатаў, як гэта было ўзгоднена ў сумеснай Жэнэўскай дэклярацыі», паведамляе «Сіньхуа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Капітуляцыя» ці кампраміс? Эўразьвяз сутыкаецца з нэгатыўнай рэакцыяй з-за гандлёвай зьдзелкі з ЗША