У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні чарговых тактыка-спэцыяльных вучэньняў «Ваенкор-2025», у часе якіх асноўны акцэнт будзе рабіцца на навыкі працы журналістаў у зоне вайсковага канфлікту.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства, цягам пяці дзён журналісты пройдуць агнявую, мэдычную, інжынэрную і псыхалягічную падрыхтоўку.
Апроч таго, іх будуць вучыць рукапашнаму бою і самаабароне. Яшчэ ў праграме — асновы вайсковай тапаграфіі і сувязі, эвакуацыя параненых і правілы працы ў часе артылерыйскага абстрэлу.
Як і ў мінулыя гады, журналістаў даставілі на вайсковы палігон у верталётах. Паведамляецца, што іх падрыхтоўкай займаюцца «лепшыя інструктары вайсковай часткі сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл».
Вучэньні «Ваенкор» праводзяцца ў Беларусі пяты раз на падставе адпаведнага даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі вучэньні для ваенкораў з акцэнтам на працы ў зоне ўзброенага канфлікту