Прыватныя і дзяржаўныя фірмы на некалькі дзён скасавалі аўтобусныя рэйсы паміж Менскам і Вільняй

Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома, што на 12 жніўня буйны перавозьнік Eurolines скасаваў 20 рэйсаў з 26 паміж Беларусьсю і Літвой.

Пасьля шэрагу скасаваньняў засталіся толькі рэйсы зь Менску ў Вільню на 14.20, 16.00 і 20.00, а таксама зь Вільні ў Менск на 6.40, 9.00 і 13.00.

Пасажыры, які мелі білеты на іншыя рэйсы, ужо пачалі атрымоўваць паведамленьні аб скасаваньні. Як стала вядома «Нашай Ніве», тычыцца гэта ня толькі паездак 12 жніўня. Людзям, якія мелі паездкі на 13 жніўня, таксама прыходзяць такія паведамленьні.

Пазьней стала вядомай прычына. Яна ў адсутнасьці дазволаў на рэйсы, таму на гэтыя дні засталіся толькі тыя аўтобусы, якія такімі дазволамі валодалі. З 18 жніўня перавозьнік абяцае аднавіць паездкі ў поўным аб'ёме, паведаміла старонка Infotrans Media Belarus.

Онлайн-служба продажу білетаў Infobus абяцае, што грошы за нявыкарыстаныя білеты вернуць цалкам. Але прычыну такога хуткага і нечаканага скасаваньня ў кампаніі не тлумачаць.

Раней паведамлялася пра рост цэнаў на білеты зь Менску ў Вільню, але колькасьць рэйсаў ня меншала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 50 эўра за 180 км дарогі. Чаму растуць цэны на аўтобусныя квіткі зь Менску ў Вільню

Пра скасаваньне паездак Менск — Вільня паведаміў і дзяржаўны «Менсктранс». Дзяржаўнае транспартнае прадпрыемства адразу пазначыла прычыну скасаваньня рэйсаў з 14 жніўня — адсутнасьць неабходных дакумэнтаў, што дазвалялі б такія паездкі.

Спыненьне рэйсаў да Вільні названае «часовым», аднак дату ўзнаўленьня маршруту кліентам не паведамляюць.

Пазьней літоўскі перавозьнік Eurolines, які першым скасаваў рэйсы на Вільню і на Менск бліжэйшымі днямі, патлумачыў, што прычынай сталі вайсковыя вучэньні ў Літве Arsus Vilkas 2025. Яны праходзяць каля беларускай мяжы з 11 да 20 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю і Расеяй авіяцыяй з магчымасьцю радыяцыйнага кантролю. ФОТА