Пра гэта ды іншае ў жывым эфіры «ПіКа Свабоды» у 15 30 паводле менскага часу гаворым з сябрам Каардынацыйнай рады, блогерам Аляксандрам Кныровічам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Давайце пачнем з найбольш абмеркаванай у сацсетках падзеі гэтых выходных, і гэта не канфэрэнцыя «Новая Беларусь», а канцэрт беларускага рэпэра Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня, у гадавіну падзеяў 2020 году.
Палітоляг Роза Турабекава напісала ў фэйсбуку, што Макс Корж зрабіў дрэнную рэкляму беларусам, што пасьля яго канцэрту будзе рост антыэмігранцкіх, антыбеларускіх настрояў у Польшчы. Працытую Розу Турарбекаву: «Кучы смецьця ў цэнтры Варшавы, бутэлькі горкамі, купкі п’янай моладзі нават падлеткаў у дворыках. Шмат паліцыі і абураныя мясцовыя жыхары». Паводле апошніх дадзеных, затрыманы 109 чалавек, заведзеныя крымінальныя справы. Што засьведчыў гэты канцэрт і ці гэта сапраўды дрэнная рэкляма беларусам?
— Такія рэчы на такім буйным стадыёне адбываюцца ня толькі тады, калі там забіраюцца беларусы ці ўкраінцы, ці палякі. Гэта звычайныя рэчы, калі адбываюцца такія масавыя мерапрыемства. Колькі было праблемаў ад фанатаў «Легіі» ці ад іншых футбольных фанатаў ці прыхільнікаў іншай музыкі, не беларускай. Я асабіста назіраў вынікі карнавалу ў Лёндане, у нятанным раёне Кенсінгтон, дзе раніцай было ўсё засыпана сьмецьцем і некалькі часоў пайшло на тое, каб гэта сьмецьце прыбраць. Гэта прыкмета буйных гарадоў, і я б не казаў, што тут ёсьць асобны беларускі сьлед. Я б не рабіў з гэтага нейкую трагедыю... Мне падаецца, што мы павінны трохі прабачацца перад палякамі. У мяне была думка запісаць на польскай мове зварот і прабачацца за паводзіны невялікай колькасьці з тых 60 000 чалавек, якія прыйшлі на канцэрт. Таму што мы не можам казаць пра масавую зьяву.
Адзначу, што свой канцэрт Макс Корж зрабіў менавіта 9 жніўня. Мне падаецца, што ён зрабіў гэта наўмысна, што ён такім чынам у тым ліку і абʼяднаў усіх беларусаў на гэтым канцэрце, няхай і з непалітычнымі мэтамі. І тое, што ён нічога палітычнага не казаў на гэтым канцэрце, гэта таксама наўмысна. Гэта яго спроба застацца нэўтральным і мець магчымасьць выступу ня толькі ў Варшаве, а таксама ў Менску і ў Маскве, напрыклад. Мне падаецца, што ён робіць добрую справу, і калі б ён быў так, ведаеце, шчыра на баку дэмакратычных колаў, ён бы меў магчымасьць рабіць меншую справу.
— У чым фэномэн Макса Каржа?
— Я не зьяўляюся прыхільнікам Макса Каржа. Але нешта трапляе ў сэрца і беларусаў, і расейцаў, і ўкраінцаў, і нават тых палякаў, якія былі на канцэрце. Ён трапляе ў сэрца найперш моладзі простымі рытмамі, простымі словамі. Корж робіць добрую справу, але не трапляе, напрыклад, у маё сэрца... Няхай ён зьбірае канцэрты 9 жніўня на стадыёне ў Варшаве, і няхай гэтыя людзі, калі будзе такая магчымасьць, будуць аўдыторыяй беларускіх перамен. Я ўпэўнены, што гэта ня тыя людзі, якія за «русский мир» ці за сясьцёр Грузьдзевых, Лукашэнку ці Саладуху. Таму няхай зараз гэта адбываецца так. Паглядзім, што будзе далей.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.