Сталі вядомыя імёны новых прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве (Польшча). Ілюстрацыйнае фота

У Аб’яднаным пераходным кабінэце паведамілі аб новых прызначэньнях прадстаўнікоў у пытаньнях эканомікі, нацыянальнага адраджэньня і ва Ўкраіне.

Як адзначаецца ў паведамленьні, пастаянным прадстаўніком у пытаньнях нацыянальнага адраджэньня стаў кандыдат філязофскіх навук, гасьцявы прафэсар Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук Павал Баркоўскі, а ягонымі намесьнікамі сталі Ірэна Кацяловіч і Андрэй Лаўрухін.

Ірэна Кацяловіч — кіраўніца культурных праектаў і журналістка з больш як дзесяцігадовым досьведам у мэдыя і кінаіндустрыі, сузаснавальніца Прэміі беларускіх кінакрытыкаў Red Heather і Беларускай незалежнай кінаакадэміі, сябра Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI) і журы міжнародных фэстываляў. Працавала ў Deutsche Welle і «Белсаце».

Андрэй Лаўрухін — дасьледчык і экспэрт у сфэры адукацыйнай палітыкі, сацыялёгіі і філязофіі з больш як 25-гадовым досьведам выкладаньня і кіраваньня акадэмічнымі праграмамі ў Беларусі, Літве і Расе, дырэктар дасьледаваньняў Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе, колішні дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і Вышэйшай школы эканомікі.

На пасаду прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах прызначылі Алісу Рыжычэнка. Сярод яе абавязкаў — распрацоўка эканамічнай стратэгіі для пераходнага пэрыяду, супрацоўніцтва зь міжнароднымі інстытутамі, прыцягненьне інвэстыцый і фінансаваньня, падрыхтоўка праграмных дакумэнтаў і канцэпцый разам з экспэртнай супольнасьцю.

Аліса Рыжычэнка — магістар эканомікі (БДЭУ) і магістар палітычных навук (Венскі ўнівэрсытэт), спэцыялізуецца на пытаньнях Эўразьвязу, міжнароднай палітыкі і разьвіцьця. Мае досьвед працы ў фондах «Краіна для жыцьця», «Дыхай вольна».

Кіраўніцай Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве прызначылі Сьвятлана Шаціліну. Яна будзе прадстаўляць Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіне. Мае досьвед супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі і дэпутатамі Вярхоўнай Рады, удзельнічала ў акцыях і гуманітарных праектах, каардынавала мэдычныя місіі ў дэакупаваныя рэгіёны Ўкраіны, а апошнія гады дапамагала ў працы Місіі ў пытаньнях падтрымкі беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў «сьпіс тэрарыстаў» — уключылі блогера і Аб’яднаны пераходны кабінэт


Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня 2022 году Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У першым складзе сярод іншых працавалі:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Тады заявілі аб пачатку распрацоўкі пляну «Перамога», намерах дабівацца безумоўнага вываду Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Пасьля стварэньня Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.